Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баўгарыі зрабілі перадвыбарчае відэа, дзе Зяленскі страляе ў людзей. ЦВК супраць


Кіраўнік прарасейскай партыі«Адраджэньне» Канстанцін Кастадзінаў
Кіраўнік прарасейскай партыі«Адраджэньне» Канстанцін Кастадзінаў

Цэнтральная выбарчая камісія Баўгарыі пастанавіла, што прарасейская партыя «Адраджэньне» парушыла Выбарчы кодэкс краіны, апублікаваўшы перадвыбарчы ролік, у якім былі сцэны гвалту.

Пра гэта паведамляе Баўгарская служба Радыё Свабода. Гаворка ідзе пра перадвыбарчае відэа з кадрамі з сэрыяла з удзелам прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага «Слуга народа», дзе ён забівае людзей з аўтаматычнай зброі.

Відэа было апублікаванае на старонцы партыі ў фэйсбуку. На ім пэрсанаж Зяленскага з сэрыялу «Слуга народа», узброены аўтаматычнай вінтоўкай, заходзіць на пасяджэньне дэпутатаў і адкрывае агонь. Пасьля гэтага зьяўляецца надпіс «Адраджэньне. Толькі мы можам». «У гэтым відэа мы страляем у такіх журналістаў, як вы», — патлумачыў у інтэрвію Радыё Свабода сэнс рэклямы кіраўнік партыі Канстанцін Кастадзінаў.

У ЦВК дапусьцілі, што рэкляма можа заахвочваць людзей да гвалту. У чацьвер Асацыяцыя эўрапейскіх журналістаў заклікала пракуратуру Баўгарыі праверыць відэа. Прэс-сакратар Зяленскага Ірына Пабеданосцава заявіла выданьню «Буйвал», што прадусары сэрыяла «Слуга народа» і каманда прэзыдэнта Ўкраіны не давала дазволу на выкарыстаньне відэа і яно можа парушаць аўтарскія правы.

  • Партыя «Адраджэньне» заснаваная ў 2014 годзе, яна выступае за выхад Баўгарыі з Эўразьвязу і НАТО і пераарыентацыю зьнешняй палітыкі краіны на Расею. На парлямэнцкіх выбарах 2017 году партыя атрымала крыху больш за адзін працэнт выбаршчыкаў. У нядзелю ў краіне пройдуць выбары ў Эўрапарлямэнт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG