Адміністрацыя прэыдэнта Дональда Трампа ў чацьвер абвастрыла супрацьстаяньне з Гарвардзкім унівэрсытэтам, пазбавіўшы яго магчымасьці прымаць замежных студэнтаў, піша AP.
Урад паведаміў тысячам замежных студэнтаў Гарварда, што яны павінны перавесьціся ў іншыя ўнівэрсытэты, інакш страцяць законны дазвол на знаходжаньне ў ЗША.
Гэты крок можа істотна паўплываць на ўнівэрсытэт, у якім навучаецца амаль 6800 замежных студэнтаў, большасьць з якіх — у магістратуры. Цяпер гэтым студэнтам прыйдзецца вызначыцца са сваімі наступнымі крокамі.
Міністэрства ўнутранай бясьпекі зрабіла гэты апошні крок, таму што Гарвард не выканаў цалкам запыты аб прадстаўленьні зьвестак аб сваіх замежных студэнтах, паведаміла ў лісьце міністар унутранай бясьпекі Крысьці Ноэм. Яна абвінаваціла Гарвард у «стварэньні небясьпечнага асяродзьдзя ў кампусе, якое варожае да габрэйскіх студэнтаў, прапагандуе сымпатыі да ХАМАС і выкарыстоўвае палітыку „разнастайнасьці, роўнасьці і інклюзіўнасьці“».
Гарвард заявіў, што гэтыя дзеяньні зьяўляюцца незаконнымі і падрываюць дасьледчую місію ўнівэрсытэта.
Раней унівэрсытэт адмовіўся прадставіць па патрабаваньні ведамства інфармацыю аб некаторых трымальніках замежных студэнцкіх віз.
У 2024-2025 навучальным годзе Гарвард залічыў амаль 6800 замежных студэнтаў, што складае 27% ад агульнай колькасьці навучэнцаў, піша Reuters.
Прэзыдэнт Дональд Трамп прыкладае намаганьні па перабудове сыстэмы прыватных каледжаў і школ па ўсёй краіне, абвінавачваючы іх у садзейнічаньні распаўсюджваньню антыамэрыканскай, марксісцкай і радыкальна левай ідэалёгіі.
Сёлета адміністрацыя Трампа абвясьціла пра прыпыненьне фэдэральнага фінансаваньня Гарвардзкага ўнівэрсытэта на суму 2,2 мільярда даляраў, абвінаваціўшы яго ў парушэньні законаў аб грамадзянскіх правах і недастатковай барацьбе з праявамі антысэмітызму.
Прэзыдэнт унівэрсытэта Алан Гарбэр тады заявіў, што адмаўляецца выконваць гэтыя патрабаваньні. Пазьней зьявілася інфармацыя пра магчымае замарожваньне яшчэ 1 мільярда даляраў і пазбаўленьне ўнівэрсытэта статуту некамэрцыйнай арганізацыі, які вызваляе яго ад выплаты фэдэральных падаткаў.
Навучальная ўстанова лічыць незаконнай спробу Белага дома пазбавіць унівэрсытэт фэдэральных грантаў і кантрактаў у выпадку невыкананьня шэрагу патрабаваньняў, прад’яўленых адміністрацыяй Трампа.
Адміністрацыя Трампа прадʼявіла падобныя патрабаваньні і прыпыніла фінансаваньне яшчэ некалькіх унівэрсытэтаў, у тым ліку Прынстанскага і Калюмбійскага. Гарвард стаў першым, хто падаў у суд.