Дзеля чаго адбываецца «ператрэсваньне кадраў». Аналіз Валера Карбалевіча

Наталья Пяткевічб 22 траўня 2025 году. Фота: Белта

22 траўня Аляксандр Лукашэнка зрабіў гучныя кадравыя прызначэньні, якія даюць немалую пажыву для ацэнак і меркаваньняў. Такая чахарда, ці «ператрэсваньне кадраў» ня сьведчыць пра стабільнасьць у дзяржаўным апараце, прадуманасьць кадравай палітыкі, а як раз наадварот.

Сьцісла:

  • Калі чыноўніка мяняюць, не даючы яму неяк праявіць сябе, замацавацца на пасадзе, папрацаваць пэўны час, то гэта ёсьць прызнаньне памылкі пры прызначэньні, якія зрабіў Галоўны Кадравік.
  • Натальля Пяткевіч трэці раз сыходзіць у адстаўку з Адміністрацыі Лукашэнкі. Гэта беларускі рэкорд.
  • Уладзімер Каранік прызначаны старшынёй Прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук, каб выратаваць беларускую навуку ад дэградацыі. Аднак наўрад ці гэта магчымы ў існай сыстэме.
  • Прызначэньне Валерыя Вакульчыка кіраўніком апарату Савета Міністраў — гэта вяртаньне з апалы, у якую ён трапіў падчас пратэстаў 2020 году.

Найперш зьвяртае на сябе ўвагу тое, што можна назваць кадравай чахардой, то бок хуткімі зьменамі кіраўнікоў, якія не затрымаліся на сваёй пасадзе. Глядзіце, першая намесьніца кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Пяткевіч прызначаная віцэ-прэм’ерам па сацыяльных пытаньнях. На сваёй ранейшай пасадзе яна прапрацавала менш году. Уладзімір Каранік быў віцэ-прэм’ерам два з паловай месяцы. Цяпер ён узначаліў Прэзыдыюм Нацыянальнай акадэміі навук.

«Ператрэсваньне кадраў» ня сьведчыць пра стабільнасьць у дзяржаўным апараце

Такая чахарда, ці «ператрэсваньне кадраў» ня сьведчыць пра стабільнасьць у дзяржаўным апараце, прадуманасьць кадравай палітыкі, а як раз наадварот. Калі чыноўніка мяняюць, не даючы яму неяк праявіць сябе, замацавацца на пасадзе, папрацаваць пэўны час, то гэта ёсьць прызнаньне памылкі пры прызначэньні, якія зрабіў Галоўны Кадравік. Што можа чалавек зрабіць за няпоўныя тры месяцы, як той жа Каранік?

Што тычыцца Натальлі Пяткевіч, то яна ставіць рэкорд, скажам мякка, не ганаровага сыходу з Адміністрацыі Лукашэнкі. Раней яна два разы трапляла ў апалу. Першы раз — у 2010 годзе, калі яна таксама займала пасаду першага намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта, адказвала за ідэалёгію і праваліла прэзыдэнцкую кампанію 2010 года.

Тыя выбары закончыліся масавым пратэстам, разгонам, арыштам 7 з 10 кандыдатаў у прэзыдэнты, разрывам з Захадам. Тактыка рэгістрацыі ўсіх кандыдатаў ад апазыцыі з гледзішча ўладаў аказалася памылковай. Паколькі адразу пасьля выбараў у адстаўку сышлі Натальля Пяткевіч і кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі, то можна меркаваць, менавіта іх прызначылі адказнымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта чэлендж», — Пяткевіч пра сваё прызначэньне намесьніцай прэм’ер-міністра

Потым Натальля была прызначана памочнікам прэзыдэнта, а ў 2014 годзе зноў пракалолася. Яна «павялася» на розыгрыш пранкера Вавана, які пад выглядам сына Віктара Януковіча зьвязаўся з Лукашэнкам праз ягоную памочніцу і нават паабяцаў падарыць яму «залаты батон».

Цяперашні яе перавод на пасаду віцэ-прэмʼерам па сацыяльных пытаньнях, як мінімум, не павышэньне. Тым больш праз 11 месяцаў пасьля прызначэньня першай намесьніцай кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі. Зноў ня справілася з пастаўленымі задачамі?

Адстаўка старшыні Прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Уладзіміра Гусакова была цалкам чаканай і лягічнай. Ён займаў гэтую пасаду з 2013 году. За гэты час беларуская навука моцна дэградавала.

Толькі адзін прыклад. У 2022 годзе ў Беларусі было пададзена 342 заяўкі на патэнтаванае вынаходзтваў і выдадзена 302 патэнта. У 2010 г. статыстыка была іншай: 1933 і 1222 адпаведна. Былы кіраўнік акадэміі займаўся невыканальнымі абяцаньнямі, кшталту стварэньня беларускага электрамабіля, пускаў пыл у вочы Лукашэнку.

Іншая справа, што наўрад ці Уладзімір Каранік, які кінуты «на прарыў» у НАН, зможа нешта зьмяніць. Бо дэградацыя беларускай навукі — праблема сыстэмная. У межах беларускай сацыяльнай мадэлі па-іншаму і не магло быць. І без яе зьмены кадравыя перастаноўкі ні на што не паўплываюць.

Генэралы дэманстравалі адданасьць і ляяльнасьць, то здарылася іхняе «другое прышэсьце»

Яшчэ адзін цікавы кейс — вяртаньне з ссылкі Валерыя Вакульчыка. Ён — былы старшыня КДБ, сакратар Рады бясьпекі. Вакульчык, як і былы міністар унутраных спраў Юрый Караеў у разгар пратэстаў 2020 году былі адпраўлены ў адстаўку з-за рознагалосьсяў з Лукашэнкам па пытаньні аб тым, што рабіць з пратэстуючым народам. Першага адправілі памочнікам Лукашэнкі па Берасьцейскай вобласьці, другога — на такую ж пасаду ў Гарадзенскай вобласьці. Гэта была апала. Генэралаў адправілі ў ссылку. Але, паколькі яны дэманстравалі адданасьць і ляяльнасьць, то здарылася іхняе «другое прышэсьце». Юрый Караеў нядаўна быў прызначаны кіраўніком Гарадзенскай вобласьці, а Валерый Вакульчык — кіраўніком апарату Савета Міністраў.

Дарэчы, гэта ў стылі Лукашэнкі. Ён даволі часта практыкуе такую мэтаду: адпраўляе чыноўніка ў адстаўку, ссылку і сочыць, глядзіць на паводзіны. Калі чалавек паводзіць сябе ціха, не выказвае незадаволеньня дзесьці ў кулюарах, цярпліва чакае, то можа разьлічваць на вяртаньне ў кіроўную абойму.

Важна таксама зьвярнуць увагу на прызначэньне Мікалая Шарстнёва намесьнікам кіраўніка спраў прэзыдэнта. Можна меркаваць, што цяпер ён будзе вызвалены з пасады старшыні Фэдэрацыі футбола. Бо ў яго быў моцны і працяглы канфлікт зь міністрам спорту Сяргеем Кавальчуком. У гэтыя разборкі быў вымушаны ўмяшацца сам Лукашэнка. Між тым справы ў беларускім футболе толькі пагаршаюцца. Але тут, як і ў навуцы, ад перамены чыноўнікаў нічога не залежыць, бо сыстэму трэба мяняць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». «Гэта сыгнал Маскве». Навошта Лукашэнку Пяткевіч, Рыжанкоў, Круты