«Вясна»: за ахвяраваньні з 2020 году асудзілі як найменей 135 беларусаў

Турма. Ілюстрацыйнае фота

Усяго, паводле зьвестак «Вясны», у Беларусі 1187 палітвязьняў, зь іх праваабаронцы налічылі як мінімум 135 чалавек, якіх з 2020 году асудзілі за ахвяраваньні.

Не менш як 135 чалавек асуджана ў Беларусі з 2020 года за ахвяраваньні (данаты) забароненым уладамі арганізацыям, паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна».

Праваабаронцы адносяць да гэтай катэгорыі палітвязьняў, асуджаных паводле артыкулаў 361-2 Крымінальнага кодэксу («фінансаваньне дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня»), 290-1 («фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці») і 361-3 («удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ўва ўзброеным фармаваньні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяньнях, вэрбаваньне або рыхтаваньне асобаў да такога ўдзелу»).

Не менш за 85 асуджаных па гэтых артыкулах знаходзіцца ў няволі, яшчэ чацьвёра чакаюць суду.

Сотні людзей «прайшлі праз допыты і ператрусы», пасьля чаго «супрацоўнікі КДБ многіх прымушалі рабіць „добраахвотныя“ пераводы ў некалькі разоў больш за сум данатаў на спэцыяльныя рахункі, каб супраць іх не была заведзеная крымінальная справа», адзначаюць праваабаронцы.

Ахвяраваньні розным фондам і ініцыятывам, якія дапамагаюць пацярпелым ад рэпрэсій і гвалту, сталі папулярнымі ў 2020 годзе падчас масавых пратэстаў.

Але ў 2021 годзе ўлады пачалі актыўна прызнаваць такія фонды «экстрэмісцкімі фармаваньнямі», а некаторыя праекты — «тэрарыстычнымі арганізацыямі».

У пачатку красавіка праваабаронцы адзначалі, што асуджаных за данаты было не менш за 112.

У жніўні 2024 года паведамлялася, што за ахвяраваньні розным арганізацыям і ініцыятывам, якія атрымалі «экстрэмісцкі» статус, у Беларусі быў асуджаны не менш як 91 чалавек. Агульны тэрмін вынесенага фігурантам пакараньня ацэньваўся тады ў 255 гадоў пазбаўленьня і абмежаваньня волі.

Сьледчы камітэт паведамляў, што грамадзяне ў 2023 годзе зрабілі «добраахвотных ахвяраваньняў» на суму больш за 37 млн рублёў.

2 красавіка на дзяржаўным тэлеканале АНТ выйшаў прапагандысцкі фільм «Тени. Цена террора», дзе расказвалі пра перасьлед людзей за ахвяраваньні і за фінансаваньне арганізацыяў, прызнаных уладамі «экстрэмісцкімі» ці «тэрарыстычнымі».

Паводле начальніка ўпраўленьня Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Ўладзіслава Ларывонава, плынь крымінальных справаў за данаты не зьмяншаецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Amnesty International апублікавала даклад аб сытуацыі з правамі чалавека ў сьвеце ў 2024 годзе. Што ў ім пра Беларусь
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра Аляксандра Дарагакупца зь Янава, асуджанага за данаты палку Каліноўскага