Паводле інфармацыі Беларускага ПЭНу, творы ў зборніку, які выйшаў у выдавецтве hochroth Minsk, апісваюць «перажыты аўтарам досьвед вайны ва Ўкраіне».
«Людзі звыкаюць да пэўных экстрэмальных умоў, — казаў пра сваю кнігу Прылуцкі. — Хто ня можа да іх прызвычаіцца, той жыве ў іншым месцы, ці за мяжой. Астатнія прыстасоўваюцца да абставінаў. Шмат у чым гэта стрэсавыя сытуацыі і небясьпека вайны, але людзі нават намагаюцца жартаваць і з іроніяй ставіцца да вайсковых нязручнасьцяў падчас атак».
Пасля таго, як журы абвясціла сваё рашэньне, літаратар запісаў відэазварот, у якім адзначыў, што для яго вялікі гонар атрымаць прэмію, і падзякаваў за тое, што традыцыя яе ўручэньня трывае, не перарвалася, «нягледзячы на страшэнныя рэпрэсіі ў Беларусі, на вялікую вайну, якая ідзе зараз».
«Вельмі добра, што беларускія літаратары таксама, нягледзячы на жахлівыя ўмовы, эміграцыю (для некага — у прамым сэнсе, для тых, хто застаўся, гэта ўнутраная эміграцыя), працягваюць пісаць, асэнсоўваць тое, што адбываецца навокал і ўнутры іх», — сказаў ён.
Зборніка «Нічога нястрашнага» магло б і не быць, «калі б не было гэтай вайны», канстатаваў аўтар, дадаўшы, што «гэта, мабыць, быў бы лепшы варыянт».
«Калі б падзеі развіваліся інакш, гэта была б зусім іншая кніга, зусім пра іншыя рэчы. Але што маем, то маем, мусім асэнсоўваць тую рэчаіснасьць, у якой нам выпала жыць. Спадзяюся, кніга знойдзе сваіх чытачоў, а можа ўжо знайшла, таму што яна выйшла, здаецца, год таму. Спадзяюся таксама, што яна знойдзе і сваю крытыку, таму што мне заўжды цікава чуць крытыку», — заявіў Прылуцкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абвясьцілі доўгі сьпіс беларускай паэтычнай прэміі імя Арсеньневай
Сяргею Прылуцкаму 44 гады ён нарадзіўся ў Берасьці, стала жыў у Бучы (Кіеўская вобласьць Украіны) — горадзе, які ў лютым — сакавіку 2022 года быў пад акупацыяй Расеі, дзе расейскія войскі зладзілі масавыя забойствы мірных жыхароў.
Сёлета напрыканцы красавіка літаратар уступіў у шэрагі Інтэрнацыянальнага легіёну для абароны Ўкраіны.
Прэмію Арсенневай у 2025 годзе арганізавалі Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў у партнэрстве з Беларускім моладзевым хабам і пры падтрымцы фондаў Estate of Vitaut Kipel ды Belarusian Charitable Trust.