Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ты ня зьехаў, каб жыць за мяжой, — ты зьехаў, каб вярнуцца дадому». Сьвятлана Ціханоўская — пра праблемы беларусаў у вымушанай міграцыі


Сьвятлана Ціханоўская, Вільня, Літва, 24 красавіка 2025 году
Сьвятлана Ціханоўская, Вільня, Літва, 24 красавіка 2025 году

У інтэрвію праграме «Настоящее Время. Балтия» Сьвятлана Ціханоўская распавяла пра тое, як жыць чалавеку без радзімы і як яна і яе каманда абараняюць правы тысяч іншых беларусаў, якія таксама былі вымушаныя зьехаць з краіны з-за рэжыму Лукашэнкі і жывуць за мяжой.

«Ты не жывеш: ты змагаесься кожны дзень, каб хутчэй вярнуцца»

— Амаль пяць гадоў прайшло, як вы былі вымушаныя зьехаць з Беларусі. Гэта практычна прэзыдэнцкі тэрмін. Вы жывяце з дзецьмі ў Літве. Цяжка жыць у выгнаньні?

— Так, цяжка жыць у выгнаньні, таму што ты ня зьехаў, каб жыць за мяжой, — ты зьехаў, каб вярнуцца дадому.

І вось 5 гадоў прайшло, а надзея на тое, што ты вось-вось вернесься, вядома, не згасае, ты шмат над гэтым працуеш. Але 5 гадоў — гэта ўжо маратон, і колькі ён яшчэ працягнецца, аднаму Богу вядома.

Трэба працаваць над тым, каб гэта здарылася чым хутчэй, тым лепей. Але ўсё гэта ў такім у цяжкім стане! Ты як чалавек без радзімы. Твая радзіма захоплена дыктатарам, твае сябры, знаёмыя, каханыя — у турмах, ты з гэтым болем жывеш. І ў цэлым, ты не жывеш. Ты проста змагаесься, супраціўляесься кожны дзень, каб хутчэй вярнуцца. І табе здаецца, што вось тады пачнецца жыцьцё — таму што цяпер няма жыцьця ні для тых, хто ў турмах (у Беларусі), няма жыцьця для тых, хто жыве ў Беларусі, і няма жыцьця для тых, хто быццам бы жыве ў свабодным сьвеце, але ўсё роўна прысьвячае сваё жыцьцё барацьбе. Ім таксама жыць за мяжой не так проста.

Вельмі шмат складанасьцяў, цяжкасьцяў. Але ўсё роўна частку жыцьця людзі прысьвячаюць таму, каб хутчэй зьехаць дадому.

«Трэба працаваць, каб у галаве ў палітыка было так: караем Лукашэнку, але дапамагаем беларусам — не пераблытаць»

— У Літве, напэўна, адна з самых вялікіх дыяспар беларусаў — амаль 60 тысяч чалавек. У Латвіі і Эстоніі беларусаў у разы менш. Шмат хто бег з краіны менавіта пасьля масавых пратэстаў 2020 года і іх падаўленьня. Падчас дыскусіі ў Міністэрстве замежных спраў Латвіі вы сказалі, што «беларус — гэта не рэжым»…

— Так, і дзякуй за тое, што вы праводзіце гэтае адрозьненьне. Беларусы — гэта не рэжым, і Беларусь не павінна быць зьмешчаная ў адзін кошык з Расеяй.

Была праведзеная вялікая праца, асабліва пасьля пачатку вайны супраць Украіны, каб Беларусь і беларусаў не паклалі ў адзін кошык з расейцамі і супраць беларусаў не ўжываліся тыя ж самыя санкцыйныя дзеяньні, тыя ж самыя абмежаваньні. Таму што дзякуючы 2020 году, у сьвядомасьці нашых замежных партнэраў узьнікла дакладнае разуменьне, што беларусы і рэжым — гэта розныя рэчы.

Мы паўтараем як мантру: караць рэжым, але дапамагаць беларусам. І гэта, канечне, у нейкай ступені вельмі дапамагло і выратавала.

Вядома, цяжкасьцяў усё роўна шмат. То там, то тут пачынаюць абмяркоўваць абмежаваньні для беларусаў: і банкаўскія карткі, і ўезд у краіны ЭЗ, і нумары на машынах, і дакумэнты. Шмат пытаньняў. Мы, канешне, спрабуем усё гэта адбіваць, працаваць у розных сфэрах. Але, магчыма, гэта будзе пагаршацца — гледзячы як павернуцца падзеі.

У нейкіх больш далёкіх краінах розьніцу паміж беларусамі і беларускім рэжымам ня надта разумеюць. Расея — агрэсар, Беларусь — суагрэсар. Табе здаецца, што ты прыехаў, патлумачыў розьніцу, у мэдыя выйшаў, з людзьмі пагаварыў — і ім быццам усё стала зразумела, што Лукашэнка — гэта адно, а Беларусь — іншае. Але праходзіць час, і ўсё забываецца. І трэба ўвесь час працаваць, стала нагадваць, каб не было гэтага раўнаваньня. І каб заўсёды ў галаве ў палітыка было менавіта так: мы караем Лукашэнку, але дапамагаем беларусам — нічога не пераблытаць.

І таму вялікая роля ў беларускай дыяспары ў кожнай краіне — каб яны размаўлялі з палітыкамі, размаўлялі з мясцовым насельніцтвам, выходзілі ў мэдыя, каб гэтае разуменьне заставалася.

— Нягледзячы на вашыя намаганьні, за гэтыя 5 гадоў у краінах Балтыі ўвялі шэраг абмежаваньняў у дачыненьні да беларусаў. Напрыклад, у Латвію забаронена ўяжджаць машынам з беларускімі нумарамі. Цяпер абмяркоўваюць забарону на куплю нерухомасьці. У Літве таксама хацелі яго ўвесьці, але адмовіліся ад гэтай ідэі. За 5 гадоў, якія вы жывяце за мяжой, чаго вам удалося дабіцца для беларускіх палітычных бежанцаў у вымушанай эміграцыі?

— Мы павінны разумець, чаму гэтыя абмежаваньні хочуць уводзіць і ўводзяць. Таму што краіны думаюць аб сваёй бясьпецы. Мы жывем у такім сьвеце, што беларускае КДБ і расейскае ФСБ працуюць для таго, каб уплываць на меркаваньне людзей. Засылаюцца людзі — спэцыяльна. І тыя, хто заяжджае, і тыя, хто выяжджае, іх цяжка кантраляваць. Менавіта таму хочуць прымяняць такія меры, спрабуюць так вырашыць складаныя пытаньні.

Мы ў гэтых напрамках працуем, спрабуем адбіваць пазыцыі беларусаў. Вы сказалі, што ў Літве адмовіліся ад рашэньня аб пазбаўленьні ВНЖ беларусаў за частыя паездкі на радзіму. Але гэта не была проста адмова ад рашэньня! Гэта мы працавалі з парлямэнтам, працавалі з урадам, працавалі з грамадзкай думкай. Калі я кажу «мы», — я кажу і пра беларусаў за мяжой, і пра дэмсілы, і медыі. Усе-ўсе-ўсе працавалі, каб гэтае рашэньне не было прынятае.

Мы змаглі яго адбіць, дзякуючы, вядома, нашым сябрам у парлямэнце, групе «За дэмакратычную Беларусь», якая таксама была заснаваная дзякуючы ўзмоцненай працы дэмсіл. Таксама ўдалося адбіць поўную забарону на ўезд машын з нумарамі Беларусі, зараз ёсьць выключэньне з гэтага закона для беларусаў.

Цяпер мы працуем над тым, каб былі выключэньні і ў законе аб нерухомасьці. Мы шмат разоў працавалі з банкамі, каб спыніліся атакі на беларусаў і беларусам адкрывалі рахункі. Але такія пытаньні будуць узьнікаць увесь час. І нашая задача — іх кантраляваць, дзе мы можам дапамагчы.

Цяпер і абмяркоўваецца закрыцьцё межаў. Усе гэтыя пытаньні будуць уставаць увесь час, пакуль будзе ісьці вайна, пакуль Лукашэнка будзе адпраўляць мігрантаў на межы, а таксама пакуль будуць латышы, літоўцы езьдзіць у Беларусь, іх там будуць затрымліваць, вэрбаваць, гэта значыць будзе пагроза нацыянальнай бясьпецы. Гэтыя пытаньні заўсёды будуць стаяць.

І, паверце мне, рэжым таксама будзе працаваць даволі ўзмоцнена, каб запусьціць патрэбнае ім меркаваньне сярод насельніцтва, каб яны ціснулі на свой урад. Ізноў жа, таму праца дыяспары, праца мясцовых мэдыя павінна быць вельмі дбайнай.

«Ня трэба зачыняць межы! Часам гэта адзіная нітачка, каб выратавацца!»

— Вось наконт закрыцьця межаў хацела з вамі абмеркаваць: за гэтыя гады мяжа практычна за Беларусьсю была практычна закрытая, закрываліся пункты пропуску. Але зараз мы бачым, што кожны дзень ідуць навіны, што затрымліваюць незаконных мігрантаў. Што будзе, калі закрыюць мяжу поўнасьцю?

— Я разумею, чаму наогул гэтае пытаньне ўстае. Лягчэй закрыць усю мяжу, нікога ўвогуле не прапускаць, незалежна: легальныя, нелегальныя мігранты, хто ўяжджае законна, незаконна. Каб менш рэсурсаў на гэта марнаваць.

Урад, вядома, змушаны ўвесь час кантраляваць мяжу, а гэта складана. Але мы, канешне, адстойваем правы беларусаў. Мы разумеем, што часам адкрытая мяжа — гэта адзіная магчымасьць эвакуаваць людзей (з Беларусі), адзіны спосаб для людзей пазьбегнуць турмы.

І тут, мусіць, трэба больш працаваць з людзьмі, з латышамі, літоўцамі ды іншымі нацыямі, якія ўсё яшчэ езьдзяць у Беларусь. Мы бачым, колькі аўтобусаў перасякае мяжу. Трэба тлумачыць ім небясьпекі, якія іх могуць чакаць у Беларусі, што гэта небясьпечная краіна.

Але ня трэба зачыняць межы! Бо часам гэта адзіная нітачка, якая цябе зьвязвае са свабодным сьветам, адзіная, каб выратавацца. Мы гатовы супрацоўнічаць з урадам у вэрыфікацыі людзей. У нас ёсьць такая магчымасьць. Але не абмяжоўвайце свабоду! Нам трэба захоўваць сувязі паміж людзьмі, трэба сваякам сустракацца, трэба людзям з Беларусі прыяжджаць, перадаваць інфармацыю, якую яны там зьбіраюць. Таму мы будзем адстойваць, вядома, гэты пункт погляду і спадзяемся, што да нас прыслухаюцца.

«Паказваць сьвету, што такое беларускія турмы, — у дэмакратычных краінах гэтага не разумеюць»

— У латвійскім парлямэнце адкрылася выстава «Мастацтва за кратамі». Там прадстаўлены працы мастакоў, якія малююць, палітвязьняў у Беларусі. Цяпер паводле зьвестак праваабаронцаў «Вясны» у Беларусі прыкладна 1200 палітвязьняў. Некаторых з тых, хто маляваў гэтыя малюнкі, ужо няма ў жывых. Што вы адчуваеце, калі глядзіце на іх?

— Калі я гляджу, я разумею, што нават у турме немагчыма задушыць волю людзей да пераменаў, да свабоды. Як бы яны (улады Беларусі) ні спрабавалі. Але спрабуюць яны жорстка: фізычна, маральна яны проста забіваюць, зьнішчаюць нашых герояў, якія зараз у турмах. І катаваньні становяцца ўсё больш вывастранымі.

Я вельмі радая, з аднаго боку, што была магчымасьць перадаць гэтыя малюнкі (з турмы за мяжу), таму што зараз гэтая магчымасьць вельмі моцна абмежавана. І што мы можам паказваць сьвету, што такое дыктатура, што такое беларускія турмы, — таму што ў дэмакратычных краінах гэтага шмат хто не разумее.

Мы паказваем малюнкі тых, хто ўжо памёр за свабоду — за тое, што чым вы дыхаеце кожны дзень. Я вельмі спадзяюся, што людзей гэта кранае, кранаюць гэтыя гісторыі. І яны, мабыць, будуць больш пра гэта задумвацца.

— Прайшло ўжо 5 гадоў з моманту апошніх масавых пратэстаў у Беларусі. Які вы бачыце Беларусь у наступныя 5 гадоў? Які прагноз даяце?

— Складана ў гэтай сытуацыі рабіць прагнозы. Ведаю, над чым трэба працаваць. Трэба працаваць над тым, каб зараз вось у гэты складаны момант, напэўна, вырашальны, калі ідуць перамовы па Ўкраіне, каб не забыліся падчас яго пра Беларусь. Каб не здарылася новай Ялты, калі падзялілі мір, краіны і аддалі адну частку ў сфэру ўплыву Расеі, а адну — Эўропе.

Мы не торт, каб нас дзяліць, рэзаць і камусьці аддаваць! Мы нацыя, якая сама хацела б вырашаць сваю будучыню. І мы бачым сваю будучыню ў Эўропе. Мы хочам вярнуцца ў нашу эўрапейскую вялікую сям’ю краін, да якой мы гістарычна належым.

І трэба зараз зрабіць усё магчымае, каб Беларусь не засталася па-за рамкамі гэтых перамоваў. Каб даць зразумець нашым партнэрам, нашым саюзьнікам стратэгічную важнасьць Беларусі. Каб яны разумелі, што калі Беларусь не будзе свабоднай, што калі там будзе кіраваць Лукашэнка, які служыць Пуціну, а не беларусам, то Беларусь будзе сталай крыніцай пагрозы не толькі для беларусаў, але і для ўсіх вас.

Цалкам інтэрвію глядзіце на сайце Настоящего Времени

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG