Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адсутнасьць сэнсу. Лекар і псыхолягі расказваюць, чаму былыя палітвязьні паміраюць пасьля вызваленьня


Ілюстрацыя
Ілюстрацыя

Канец рэсурсаў, страта сэнсу, брак мэдычнай дапамогі — лекар і псыхолягі пракамэнтавалі Свабодзе, чаму былыя палітвязьні могуць паміраць неўзабаве пасьля вызваленьня.

Нядаўна стала вядома, што дзьве былыя палітзьняволеныя памерлі ад праблем са здароўем ужо на волі. Гэта 39-гадовая Ганна Кандраценка з Чавускага раёну, якая мела анкалягічную хваробу яшчэ ў турме, і 45-гадовая жыхарка Лунінца Тамара Каравай, у якой «ня вытрымала сэрца».

Летась памёр 48-гадовы Валянцін Іваноўскі зь Ліды. Гэта здарылася празь некалькі месяцаў пасьля ягонага выхаду на волю. Летась таксама памёр былы палітвязень Генадзь Боршч, які адбываў «хатнюю хімію» за ўдзел у пратэстах. Яму было 65 гадоў.

Расказваем, чаму так можа адбывацца.

Мэдычная дапамога за кратамі

Псыхоляг Ганна Матуляк называе брак належнай мэдычнай дапамогі ў калёніях і турмах першаю сярод прычын сьмерцяў былых палітзьняволеных. На яе думку, фізычныя захворваньні, спалучаныя з псыхалягічнай траўмай, павялічваюць рызыку сьмерцяў і ў зьняволеньні, і пасьля вызваленьня палітвязьняў.

Ганна нагадвае, што ёсьць людзі, якія мелі хранічныя захворваньні яшчэ да зьняволеньня. Хтосьці з палітвязьняў цяжка захварэў ужо ў турме. Ім патрэбна пастаянна прымаць мэдычныя прэпараты.

«Ім не аказваюць патрэбнай дапамогі, лекаваньня, не перадаюць таблетак», — падкрэсьлівае суразмоўца.

Ганна Матуляк
Ганна Матуляк

Яна дадае, што вязьні хварэюць і на прастуды, запаленьні, вірусныя хваробы, якіх таксама за кратамі ня лечаць. Адпаведна і яны падрываюць здароўе.

Лекар-псыхіятар Павал Перапёлкін прывёў прыклад Ганны Кандраценкі.

«Гэта своечасова не дыягнаставаная анкалягічная паталёгія», — тлумачыць ён.

На думку мэдыка, акрамя нясвоечасовай дыягностыкі павялічыць рызыку сьмерці ўжо пасьля вызваленьня могуць хранічныя захворваньні, асабліва сардэчна-судзіннай сыстэмы, а таксама анкалягічныя. Іхная хада ў зьняволеньні можа пагоршыцца. Гэта павялічвае рызыку ўскладненьняў.

«Гэтаму, безумоўна, спрыяюць і самыя ўмовы зьняволеньня ў Беларусі, і дыскрымінацыйнае стаўленьне да палітзьняволеных у наданьні мэдычнай дапамогі. Дзе тонка, там і рвецца», — кажа лекар.

Псыхоляг Натальля Скібская адзначае, што цяжка хворых палітзьняволеных часам выпускаюць па памілаваньні — менавіта дзеля таго, каб яны не памерлі ў турме.

«Чалавек памірае ад таго, што ў яго знасіліся органы. Ня кожны можа доўга трымацца, ня ў кожнага ёсьць столькі здароўя», — кажа яна.

Страта мэты

Палітвязень, які выходзіць на волю, страчвае мэту, дзеля якой ён жыў у турме, — вызваліцца. І гэта часам можа быць штуршком да кепскіх наступстваў.

Псыхоляг Ганна Матуляк тлумачыць, што людзі ў зьняволеньні часта трымаюцца на ідэі, жаданьні, мары захаваць сябе, не зламацца, дасядзець да канца тэрміну. І ўжо само гэта дапамагае чалавеку датрываць да таго моманту.

«Гэта стан максымальнай мабілізацыі, калі пачуцьці, зьвязаныя зь ім, не пражываюцца. Калі людзі кажуць: „Ён такі малайчына, трымаецца, не расклеіўся“, ніхто насамрэч ня ведае, якім коштам гэта адбываецца», — кажа псыхоляг.

Яна падкрэсьлівае: калі здаецца, што чалавек добра справіўся са зьняволеньнем, то гэта значыць, што ён заплаціў або яшчэ заплаціць за гэта свой кошт.

«Гэта ня проста чалавек маладзец, такі моцны, і ніяк на ім гэта не адаб’ецца. Каб заставацца моцным, вясёлым, бадзёрым, вельмі многае трэба выцясьняць, не рэагаваць, не перажываць. Цела і псыхіка зьвязаныя. Калі псыхіка не перапрацоўвае нечага, адкладае да лепшых часоў, то потым нагрузку на сябе бярэ цела», — кажа Ганна Матуляк.

Натальля Скібская адзначае, што кожны чалавек мае абмежаваны запас сілаў, за кошт якога ён можа жыць. Падчас зьняволеньня чалавек перажывае моцны стрэс і трымаецца ў гэты час на гармонах стрэсу. Яна параўноўвае гэта з тым, як у рэанімацыі хвораму колюць адрэналін, каб вярнуць да жыцьця. Таксама, паводле яе, чалавек трымаецца на сіле волі. Яна прыводзіць у прыклад анкахворых, вынік лекаваньня якіх шмат у чым залежыць ад таго, ці хоча чалавек жыць, ці ўжо перастаў змагацца за жыцьцё.

Натальля Скібская
Натальля Скібская

«Калі чалавек выходзіць на свабоду пасьля мабілізацыі, напружаньне рэзка зьніжаецца, а разам зь ім рэсурс, на якім трымалася жыцьцё. Нейкі час мэта жыцьця была выжыць у гэтых умовах. Чалавек выжыў. Усім навокал можа быць незразумелым, чаму табе кепска. Усё ж ужо добра, жыві і насалоджвайся. Але так не працуе. Часам сьмерць — вынік таго, што арганізм больш не вытрымлівае, у яго не засталося больш сілаў змагацца. Ён і так надта доўга жыў у рэжыме выжываньня», — кажа Ганна Матуляк.

У выніку, калі не застаецца сілаў, каб спраўляцца, у чалавека можа разьвіцца посттраўматычны стрэсавы разлад, дэпрэсіі, разлады адптацыі, трывожны разлад, анкалягічныя хваробы, дадае псыхоляг.

Страта сэнсу і надзеі

Былыя палітвязьні могуць страціць сэнс жыцьця і надзею пасьля вызваленьня, сьцьвярджаюць экспэрты.

«Калі чалавек выходзіць, ён бачыць, што сьвет не зьмяніўся, што справядлівасьць не перамагла. Уявіце, чалавек сеў у турму ў разгар пратэстаў. У яго была адна карцінка рэальнасьці. Тую рэальнасьць, зь якой яго ўзялі і пасадзілі ў турму, у ягоным уяўленьні паставілі на паўзу. Ён пражыў у зьняволеньні, выходзіць і бачыць, што гэта была ня паўза, што гэта было жыцьцё, якое працягвалася», — тлумачыць Ганна Матуляк.

Паводле псыхоляга, у некаторых праз гэта ўтвараецца ўнутры «вялікая пустэча, дзіра, выпаленае поле». Яны ня маюць адчуваньня перамогі.

«Дзеля чаго, навошта гэта ўсё было? Дзеля чаго я гэта ўсё вытрымліваў ці вытрымлівала? Гэта неканечне будзе так гучаць. Гэта можа быць вельмі выцесьненая думка, зьвязаная з дэпрэсіўным упадніцтвам. Гэта глыбокі экзыстэнцыйны крызіс», — тлумачыць экспэртка.

Яна адзначае, што пасьля вызваленьня чалавек наўрад ці адразу будзе перажываць шчасьце. Гэта можа быць, наадварот, пачуцьцё віны перад тымі, хто яшчэ сядзіць, або тымі, хто памёр у турме. Псыхоляг раіць паглядзець фільм «Пакой» (Room) пра чалавека, які вызваліўся з палону. Стужка дапамагае лепш зразумець, што адбываецца з палітвязьнямі пасьля выхаду на волю.

Зьняволеныя ў гомельскай жаночай калёніі, архіўнае фота
Зьняволеныя ў гомельскай жаночай калёніі, архіўнае фота

Натальля Скібская дадае, што чалавек у турме ва ўмовах інфармацыйнай ізаляцыі можа трымацца за надзею. Калі ён выходзіць, то бачыць рэальнасьць, і надзея ў яго можа зьнікнуць.

«Калі былы палітвязень выходзіць зь беларускай турмы, то ён бачыць, што жыцьцё ідзе, што гэта ўсё было дарма, што ён пакутаваў, а жыцьцё працягвалася, і быццам бы не было сэнсу ў ахвяры, якую ён прынёс. Гэта вельмі дэпрэсіўны фактар», — дадае Натальля.

Схаваны суіцыд

Наступствам страты сэнсу жыцьця або свайго зьняволеньня пасьля выхаду на волю можа быць «схаваны суіцыд», заўважае Натальля Скібская. Яна тлумачыць, што ён выглядае як натуральная сьмерць.

«Калі чалавек ня дбае пра сваё здароўе, не прымае лекаў, якія мусіць прымаць, можа піць (алькаголь), ня есьці нармальна, трапляе ў небясьпечныя сытуацыі, бо ўжо няма жаданьня жыць, няма надзеі — такое расчараваньне, што хочацца скончыць усё гэта», — тлумачыць псыхоляг.

Пры гэтым людзі побач могуць не разумець, што нешта не ў парадку. Таму, рэкамэндуе псыхоляг, варта надаваць больш увагі людзям, якія вызваліліся, клапаціцца пра іх. Паводле яе, калі ў чалавека нешта не ў парадку, ён спрабуе пра гэта паведаміць нейкім спосабам, не заўсёды наўпрост. Адной з такіх прыкметаў можа быць — парадаксальна — тое, што чалавек кажа, што ў яго ўсё добра.

Але былыя вязьні могуць і хаваць свае пачуцьці, каб аберагчы блізкіх ад непрыемных перажываньняў або калі бачаць, што іхныя скаргі ня маюць водгуку, дадае экспэртка.

Яна акцэнтуе ўвагу на тым, што людзі, якія выходзяць на волю, зьмяніліся за час турмы. Іхныя блізкія сустракаюць ужо іншага чалавека, якога ім складаней разумець. Гэтаксама і сваякі, якія заставаліся на волі, зьмяніліся, таму цяжэй паразумецца ў новай сытуацыі.

Ганна Матуляк таксама падкрэсьлівае, што варта быць уважлівымі да людзей, якія выйшлі з турмы, да іхных пачуцьцяў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG