Акруговы суд у Любліне пакараў 53-гадовага беларуса Мікалая М. 2 гадамі і 2 месяцамі зьняволеньня за шпіёнскую дзейнасьць, аднак з улікам тэрміну папярэдняга зьняволеньня ён можа выйсьці на свабоду ўжо пасьля 30 траўня, перадае «Позірк» з спасылкай на польскія «Газэту выборчу», PAP і прэс-службу суду.
Паводле суду, Мікалай М. шпіёніў для спэцслужбаў Беларусі з 2018 да 2023 году.
Што пра яго вядома
- Жыве ў Польшчы больш за 10 гадоў.
- Свабодна размаўляе па-польску.
- Апошнім часам прадаваў беларускія тавары ў Бяла-Падлясцы.
- Спэцыяліст у чыгуначным транспарце і лягістыцы.
- Нарадзіўся ў Львове.
Яго абвінавацілі ў зборы інфарамацыі:
- пра раён вайсковага аэрадрома ў Бяла-Падлясцы,
- пра дзеяньні вайсковай авіяцыі на гэтым аэрадроме,
- пра чыгуначную інфраструктуру і перамяшчэньне вайсковай тэхнікі,
- пра аб’екты і транспарт Агенцтва ўнутранай бясьпекі ў Бяла-Падлясцы,
- пра вярбоўку польскімі спэцслужбамі беларускіх грамадзян.
У справе таксама аштрафавалі амаль на 2 тысячы даляраў у пераліку польскага грамадзяніна за неданясеньне пра злачынства. Абодва прызналі віну.
Паводле «Позірка», Мікалай М. — гэта, верагодна, Мікалай Маскаленка. Неўзабаве пасьля затрыманьня ў Польшчы яго і яшчэ двух грамадзян Беларусі, Уладзіслава Пасьміцюхі і Марыі Мядзьведзевай, адзін зь беларускіх прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў апублікаваў відэазвароты, як сьцьвярджалася, сваякоў затрыманых, якія заявілі аб сфабрыкаваным характары справы.
19 сьнежня 2023 году стала вядома, што гэты ж суд вынес прысуд 14 замежнікам, абвінавачаным у шпіянажы на карысьць Расеі. Сярод іх трое грамадзян Беларусі.
Усяго ў справе было 16 абвінавачаных. Абвінавачаны Арцём А. атрымаў самы працяглы тэрмін — 6 гадоў пазбаўленьня волі, абвінавачаная Марыя М. — найменшае пакараньне — год і месяц пазбаўленьня волі, усіх дадаткова аштрафавалі.
Асобна ў верасьні асудзілі грамадзяніна Беларусі Ўладзіслава П. — на 2 гады і 10 месяцаў зьняволеньня і штраф у 2800 даляраў у пераліку.
Форум