Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польскай пракуратуры назвалі прозьвішча трэцяга абвешчанага ў вышук па справе Ryaniar


Самалёт Ryanair у менскім аэрапорце, 23 траўня 2021 году
Самалёт Ryanair у менскім аэрапорце, 23 траўня 2021 году

Стала вядомае поўнае імя трэцяй асобы, абвешчанай Інтэрполам у вышук за прымусовую пасадку самалёта Ryanair у Менску ў 2021-м годзе.

4 верасьня 2024 году Акружны суд Варшавы завочна арыштаваў былога дырэктара «Белаэранавігацыі» Леаніда Чуро, начальніка зьмены кантролю Яўгена Цыганова, а таксама «неназванага афіцэра КДБ высокага рангу Андрэя А. М.».

Цяпер стала вядомае яго поўнае імя: прэс-сакратар Нацыянальнай пракуратуры Польшчы паведаміў «Белсату», што трэці чалавек у вышуку — начальнік 9-га галоўнага ўпраўленьня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Андрэй Анатольевіч Мыцько.

У пракуратуры адзначылі, што не зьбіраюцца зьвяртацца ў Беларусь праз мэханізмы міжнароднай супрацы, а будуць дамагацца арышту гэтых абвешчаных у вышук праз Інтэрпол і эўрапейскія ордэры на арышт.

У «Воку змагара» — праекце «Кібэрпартызанаў» у пошуку сілавікоў — пазначана, што Андрэй Мыцько нарадзіўся 11 жніўня 1973 году. Дзявятае ўпраўленьне — гэта ўпраўленьне эканамічнай бясьпекі, Дэпартамэнт авіяцыі — гэта «іхны абʼект», расказалі «Белсату» ў «BELPOL».

Акрамя Андрэя Мыцько, у вышук аб’явілі таксама былога дырэктара «Белаэранавігацыі» Леаніда Чуро і начальніка зьмены кантролю Яўгена Цыганова.

Дзяржаўная пракуратура Польшчы абвінавачвае траіх грамадзян Беларусі ў «акце тэрарызму».

У рамках расьсьледаваньня ім выставілі абвінавачаньні ў зьдзяйсьненьні злачынства паводле двух артыкулах Крымінальнага кодэксу Польшчы: «узяцьце падманам пад кантроль самалёта Ryanair» і «незаконнае пазбаўленьне волі пасажыраў і членаў экіпажу».

У верасьні 2024 году акруговы суд Варшавы завочна арыштаваў трох грамадзян Беларусі ў справе аб захопе кантролю над польскім самалётам 23 траўня 2021 году ў Беларусі. Гаворка аб прымусовай пасадцы самалёта Ryanair з блогерам Раманам Пратасевічам і расейскай грамадзянкай Соф’яй Сапегай на борце, якіх пасьля арыштавалі беларускія ўлады.

Інтэрпол апісвае «чырвонае апавяшчэньне» як «запыт да праваахоўных органаў краін сьвету аб вызначэньні месцазнаходжаньня і папярэднім арышце асобы ў чаканьні экстрадыцыі, выдачы або аналягічнага прававога дзеяньня».

Высьветліць абставіны пасадкі самалёта дапамог 42-гадовы дыспэтчар, які ўцёк у Польшчу з каштоўнымі доказамі, у тым ліку запісамі з цэнтру кантролю за палётамі, зробленымі на тэлефон. Як вядома, яго завуць Алег Галегаў. Сьледзтва цягам трох гадоў праводзілі Нацыянальная пракуратура і Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы.

Паводле ведамства, супрацоўнікі авіядыспэтчарскай службы перадалі ілжывую інфармацыю пра нібыта закладзенае на борце выбуховае прыстасаваньне, вымусіўшы экіпаж зрабіць аварыйную пасадку ў Менску. Паведамляецца, што гэта «спрычыніла непасрэдную пагрозу жыцьцю і здароўю многіх людзей, у тым ліку грамадзян Польшчы, і незаконнае пазбаўленьне волі экіпажу і пасажыраў самалёта».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG