27 траўня Эўрапейскі Зьвяз афіцыйна зацьвердзіў схему павелічэньня сваіх абаронных выдаткаў на 150 мільярдаў эўра (170 мільярдаў даляраў).
Так званы рэглямэнт SAFE (Security Action For Europe) перш прапанавала ў сакавіку Эўрапейская камісія ў адказ на заклікі дзяржаваў ЭЗ фінансава і палітычна падтрымаць дасягненьне новых абаронных мэтаў, якія ставіць NATO, і патэнцыйна зрабіць крок у падтрымку Ўкраіны, калі Злучаныя Штаты пераключаць сваю ўвагу на нешта іншае? Перамогі, піша эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.
У канчатковым рэглямэнце, зь якім азнаёмілася Радыё Свабода, выразна падкрэсьлена, што «пагрозы, якія ідуць ад Расеі і Беларусі, асабліва тэрміновыя і актуальныя» і вымагаюць хуткага супрацьдзеяньня.
З прычыны дэфіцыту часу, неабходнага для распрацаваньня абароннай прадукцыі і павелічэньня прамысловых вытворчых магутнасьцяў усяго ЭЗ, у рэглямэнце таксама зазначана, што для зьвязу будзе «жыцьцёва важна» пачаць падтрыманьне дзяржаваў блёку «як мага хутчэй, каб яны маглі разьмясьціць замовы вельмі хутка».
Спачатку Брусэль адгукнуўся на заклікі дзяржаваў-чальцоў, актываваўшы палажэньне ЭЗ аб вызваленьні дзяржавы ад адказнасьці за парушэньне межаў бюджэтных выдаткаў, вызначаных Эўразьвязам, калі гэта выдаткі на такія тавары, як зброя і боепрыпасы.
Гэта забясьпечыла свабоду дзеяньняў у бюджэтна-фінансавай сфэры, але дзяржавам-чальцам таксама патрэбныя грошы, і як мага хутчэй.
Некалькі сталіц імкнуцца хутка атрымаць доступ да прапанаваных сродкаў, таму 21 траўня без абавязковай аднагалоснасьці або згоды Эўрапейскага Парлямэнту амбасадары ЭЗ ухвалілі новае заканадаўства, прычым толькі Вугоршчына выступіла супраць. Новая схема функцыянуе гэтаксама, як і нядаўняя эўразьвязаўская праграма аднаўленьня пасля COVID-19, якая каштавала 800 мільярдаў эўра.
Што тычыцца SAFE, блёк выкарыстае свой крэдытны рэйтынг АAА, каб залучыць неабходныя 150 мільярдаў эўра на рынках, а затым пазычыць іх дзяржавам-чальцам. Гэта будзе значна таньней, чым калі б большасць дзяржаваў ЭЗ спрабавалі ствараць фонды самастойна, пазычаючы паасобку.
Пяць краін ЭЗ — Данія, Нямеччына, Люксэмбург, Нідэрлянды і Швэцыя — цяпер маюць рэйтынг AAA, таму ім, хутчэй за ўсё, ня будзе патрэбы ўдзельнічаць у схеме, пакінуўшы большую частку патэнцыйных пазык бяднейшым краінам-чальцам.
Што вядома пра ўмовы
Пазыкі дзейныя максымум 45 гадоў, цягам першага дзесяцігодзьдзя іх ня трэба абслугоўваць, краіны ня мусяць плаціць ПДВ на купленае абсталяваньне — гэта дадатковыя перавагі, якія, як спадзяецца Брусэль, прывядуць да росту эўрапейскіх тратаў на абарону.
Але, вядома, усё гэта абстаўлена пэўнымі ўмовамі. Па-першае, многія паўднёвыя дзяржавы ЭЗ, якія маюць запазычанасьці, скардзяцца, што, адрозна ад схемы аднаўленьня пасьля COVID, у якой таксама быў грантавы кампанэнт, гэтая ініцыятыва — чыстая пазыка, што яшчэ больш абцяжарыць іхныя і так аслабленыя дзяржаўныя фінансы.
Мяркуецца, што SAFE мае таксама стымуляваць сумесныя закупкі абароннай прадукцыі некалькімі краінамі, прычым Эўрапейская камісія імкнецца выкарыстаць гэты інструмэнт для стварэньня рынку ўзбраеньняў сапраўды агульнаэўрапейскага, а не фрагмэнтаванага на паасобныя нацыянальныя рынкі, што ў значнай ступені бытуе сёння.
Краіна можа падаваць заяўку на пазыку паасобку толькі цягам першага году. Пасьля гэтага павінны падаваць супольную заяўку дзьве ці больш краін. Тэрмін дзеяньня схемы заканчваецца ў 2030 годзе.
Каб запэўніць справядлівае разьмеркаваньне грошай, доля пазык, нададзеных тром дзяржавам-чальцам, якія атрымліваюць найбольшую дапамогу, не павінна перавышаць 60 працэнтаў ад усіх 150 мільярдаў эўра, вылучаных на схему.
Але галоўнай праблемай мінулага месяца было права ўдзелу ў SAFE — балянсаваньне паміж жаданьнем розных дзяржаваў-чальцоў нарасьціць айчынную вытворчасць і тым фактам, што ня кожны складнік можна вырабіць у ЭЗ.
Па-першае, у схему ўключаныя краіны Эўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю (ЭАСГ) — Ісьляндыя, Ліхтэнштайн, Нарвэгія й Швайцарыя. Тое самае тычыцца краіны-кандыдата ў ЭЗ Украіны.
Рэглямэнт апраўдвае іх уключэньне спасылкай на «шчыльнае партнэрства гэтых краін з ЭЗ у абароннай прамысловасьці» і тым фактам, што «Ўкраіна наўпрост сутыкнулася з працяглай агрэсіўнай вайной Расеі».
«Брусэльскі кампраміс»
Аднак былі і нараканьні. У прыватнасьці, Злучаныя Штаты скардзіліся на тое, што іх выключылі з гэтага працэсу.
І многія дзяржавы ЭЗ, надалей імкнучыся падтрымліваць трансатлянтычныя вайсковыя сувязі і адначасова захоўваючы шчыльнае партнэрства з удзельнікамі праграмаў SAFE, таксама актыўна лабіявалі адкрыцьцё гэтай схемы для ўдзельнікаў звонку.
У рэшце рэшт было ўведзена правіла «65-35». Гэта азначае, што 65% кошту набытай зброі павінна паходзіць з ЭЗ, чатырох краін ЭАСГ або Ўкраіны. Астатнія 35% могуць паходзіць зь іншых месцаў, такіх, напрыклад, як Злучаныя Штаты.
Але ўсё крыху ўскладняецца. Калі краіна ўступіла ў Партнэрства ў галіне бясьпекі і абароны (SDP) з Эўразьвязам, 65% кошту зброі можа паходзіць і з гэтай дзяржавы. Вялікая Брытанія нядаўна падпісала такое пагадненне з ЭЗ, і Альбанія, Японія, Малдова, Паўночная Македонія і Паўднёвая Карэя таксама маюць падобныя пагадненьні.
У рэшце рэшт, як сказаў службовец ЭЗ, які размаўляў з Радыё Свабода, быў дасягнуты «клясычны брусэльскі кампраміс»: заключаная даволі вялікая ўгода, але грошы не пачнуць паступаць, пакуль усе, у тым ліку многія па-за межамі эўрапейскай сям’і, не атрымаюць сваю справядлівую долю.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпра, Кіева, Харкава, Адэсы і іншых месцаў. Дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя процілегламу боку тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ карпарацыі «Роснефть» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародзкай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі думку, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16–18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
- У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
- 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
- У красавіку высьветлілася, што мірныя перамовы пакуль ня маюць посьпеху, а тым часам Украіна заявіла, што ведае імёны 155 кітайскіх наймітаў, якія падпісалі кантракты з Расеяй і пайшлі на вайну. Афіцыйны Пэкін заявіў, што сваіх грамадзянаў на вайну не адпраўляў, а наадварот, раіў жыхарам краіны трымацца падалей ад абодвух бакоў.
- Дзяржаўны ўкраінскі праект «Хачу жыць», які выконвае Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, у красавіку 2025 году апублікаваў прозьвішчы 742 грамадзян Беларусі, якія з 2023 году ваююць супраць Украіны на баку Расеі, зь іх 96 ужо загінулі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.